Прафсаюз віншуе. На працавітасці людзей краіна трымаецца

Прыезд на Шуміліншчыну намесніка старшыні Віцебскага аб’яднання прафсаюзаў Віктара Лугаўцова быў прысвечаны прыемнай падзеі – віншаванню лепшых механізатараў, якія ўдзельнічалі ва ўборцы зерневых і зернебабовых культур і крыху не дацягнулі да звання тысячнікаў. Першым віншаванні атрымаў адзін з самых маладых механізатараў раёна – Вадзім Гарланаў з ААТ «Прыазёрны мір».

На мехдвары ў Амбросавічах сабраліся калегі Вадзіма, прыехаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Савіцкі і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Марына Панкраценка. Усе адзначылі працавітасць, стараннасць і шчырасць Вадзіма Гарланава, які чатыры гады працуе ў гаспадарцы. У свае 24 гады хлопец паказвае прыклад руплівасці і дае фору сталым механізатарам. І практычна кожны год у лідарах па прафсаюзных спаборніцтвах, якое арганізавана ў гаспадарцы. Летась, напрыклад, у якасці бонуса быў прэміраваны бычком ад сельгаспрадпрыемства.
Не менш заслуг у Пятра Бардзюкова з сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае», які з года ў год на працягу дваццаці гадоў падчас уборачнай садзіцца за руль камбайна. Пачынаў працаваць яшчэ на «Енісеі», потым быў «Дон», а цяпер вось сучасны КЗР. Пятра Бардзюкова паважаюць і цэняць у гаспадарцы як сумленнага работніка. Сумленнасць і надзейнасць аб’ядноўвае Яўгена і Андрэя Ткачовых з КУСГП «Сіроцінскі».
Родныя браты ў гэтым годзе працавалі на адным камбайне. І хоць сямейны экіпаж крыху не дацягнуў да тысячы тон, дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Прыгодзіч выказаў надзею, што тысячнікамі Ткачовы стануць у наступным годзе. Ва ўсіх гаспадарках раёна Віктар Лугаўцоў сказаў шчырыя словы ўдзячнасці механізатарам за руплівасць і адзначыў, што менавіта на працавітасці людзей трымаецца наша краіна.
Віктар Міхайлавіч уручыў перадавікам жніва граматы ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў за высокае прафмайстэрства і значны асабісты ўклад ва ўборку ўраджаю, майкі і кепкі з надпісам «ФПБ». Цёплыя словы ў адрас механізатараў адрасавала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава. А старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова пажадала лідарам дабрабыту, поспехаў і сіл, уручыла ім ад прафсаюза памятныя падарункі. Напрыканцы сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі работнікі сельгаспрадпрыемстваў задавалі набалелыя пытанні, уздымалі праблемы, якія будуць вырашаны па гарачых слядах.
Ларыса ЗАЙЦАВА.